Поиск:

Пагадненне памiж Урадам Рэспублiкi Беларусь i Урадам Злучаных Штатаў Амерыкi аб ахове i захаваннi некаторых культурных каштоўнасцей

Уступiла ў сiлу 21 верасня 2016 года

Урад Рэспублiкi Беларусь i Урад Злучаных Штатаў Амерыкi (далей таксама называюцца "Бокам" i "Бакамi"),
жадаючы наладзiць прадуктыўнае ўзаемнае супрацоўнiцтва ў галiне культурнай спадчыны,
захоўваючы ўпэўненасць у тым, што такое супрацоўнiцтва ўнясе ўклад ва ўмацаванне адносiн памiж дзвюма дзяржавамi,
памятаючы аб неабходнасцi павагi да асноўных правоў чалавека i iмкнучыся садзейнiчаць узаемаразуменню, цярпiмасцi i дружбе памiж усiмi народамi, этнiчнымi i рэлiгiйнымi групамi,
захоўваючы ўпэўненасць у тым, што кожнай культуры ўласцiвы годнасць i каштоўнасць, якiя павiнны шанавацца i захоўвацца, i што ўсе культуры з'яўляюцца часткай агульнай спадчыны, якая належыць усяму чалавецтву,
жадаючы ўмацаваць ахову культурнай спадчыны i забяспечыць раўнапраўны доступ да скарбаў нацыянальнай i сусветнай культуры,
адчуваючы занепакоенасць тым, што пагаршэнне стану цi знiкненне прадметаў культурнай спадчыны азначае збядненне спадчыны ўсiх народаў свету,
улiчваючы, што ахова культурнай спадчыны можа быць больш эфектыўнай, калi яна арганiзавана ў супрацоўнiцтве памiж дзяржавамi,
памятаючы аб прынцыпах Хельсiнкскага вынiковага акта Нарады па бяспецы i супрацоўнiцтве ў Еўропе i
жадаючы распрацаваць канкрэтныя захады па рэалiзацыi прынцыпаў i мэт Канвенцыi аб ахове сусветнай i прыроднай спадчыны, заключанай 23 лiстапада 1972 года, у дачыненнi да некаторых прадметаў культурнай спадчыны ахвяр генацыду падчас Другой сусветнай вайны,
пагадзiлiся аб наступным:

Артыкул 1

Кожны з Бакоў будзе ажыццяўляць неабходныя захады дзеля аховы i захавання каштоўнасцей, што ўяўляюць сабой культурную спадчыну ўсiх нацыянальных, рэлiгiйных цi этнiчных груп, якiя жывуць цi жылi на яго тэрыторыi, у тым лiку груп, якiя былi ахвярамi генацыду падчас Другой сусветнай вайны.
Тэрмiн "культурная спадчына" для мэт дадзенага Пагаднення азначае культавыя збудаваннi, мясцiны гiстарычнай важнасцi, помнiкi, могiлкi, мемарыялы i архiўныя матэрыялы.

Артыкул 2

Кожны з Бакоў будзе забяспечваць адсутнасць дыскрымiнацыi ў дачыненнi да культурнай спадчыны любой з груп, згаданых у артыкуле 1, цi ў дачыненнi да грамадзян iншага Боку ў пытаннях аховы i захавання культурнай спадчыны.

Артыкул 3

Бакi супрацоўнiчаюць пры вызначэннi спiсаў адпаведных аб'ектаў i прадметаў культурнай спадчыны, якiя трапляюць пад дзеянне артыкула 1, асаблiва тых, што знаходзяцца пад пагрозай пашкоджання цi разбурэння.

Артыкул 4

Кожны з Бакоў заклiкае да супрацоўнiцтва iншы Бок i яго грамадзян у тых выпадках, калi для аховы i захавання культурнай спадчыны, якая знаходзiцца на яго тэрыторыi, патрабуецца садзейнiчанне.
Такое садзейнiчанне будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасцi з нацыянальным заканадаўствам i нарматыўнымi актамi Бакоў.

Артыкул 5

Адказным выканаўцам дадзенага Пагаднення з Беларускага Боку з'яўляецца Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь. Адказным выканаўцам дадзенага Пагаднення з Амерыканскага Боку з'яўляецца Камiсiя Злучаных Штатаў Амерыкi па захаваннi амерыканскай спадчыны за мяжой.

Артыкул 6

Нiшто ў дадзеным Пагадненнi не тлумачыцца як вызваленне любога з Бакоў ад яго абавязацельстваў у рамках Канвенцыi аб ахове сусветнай i прыроднай спадчыны 1972 года цi якога-небудзь iншага пагаднення аб ахове культурнай спадчыны.

Артыкул 7

Дадзенае Пагадненне выконваецца ў адпаведнасцi з заканадаўствам i нарматыўнымi актамi абедзвюх краiн i не накладае нiякiх дадатковых фiнансавых выдаткаў на бюджэты Бакоў.

Артыкул 8

Дадзенае Пагадненне ўступае ў сiлу з даты яго падпiсання. Папраўкi ў яго могуць быць унесены па ўзаемнай пiсьмовай згодзе Бакоў.
Дадзенае Пагадненне застаецца ў сiле да спынення яго дзеяння любым з Бакоў праз шэсць месяцаў пасля накiравання адным з Бакоў другому Боку пiсьмовага паведамлення па дыпламатычных каналах аб сваiм намеры скасаваць дадзенае Пагадненне.

Здзейснена ў г. Нью-Ёрку 21 верасня 2016 года ў двух экзэмплярах, кожны на беларускай i англiйскай мовах, пры гэтым усе тэксты маюць аднолькавую сiлу.

За Урад                                             За Урад
Рэспублiкi Беларусь                                 Злучаных Штатаў Амерыкi
        Подпiс                                             Подпiс