Поиск:

Постановление Министерства культуры Республики Беларусь от 12.09.2016 N 35 "Аб зацвярджэннi Iнструкцыi аб парадку арганiзацыi i правядзення Рэспублiканскага конкурсу "Нацыянальная музычная прэмiя ў галiне папулярнай музыкi "Лiра"

На падставе абзаца другога падпункта 9.1 пункта 9 Палажэння аб парадку арганiзацыi i правядзення на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь фестываляў, конкурсаў, форумаў, святаў i пленэраў, фiнансуемых з рэспублiканскага i (або) мясцовых бюджэтаў, зацверджанага пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 2 красавiка 2015 г. N 263 "Об организации и проведении на территории Республики Беларусь фестивалей, конкурсов, форумов, праздников и пленэров, финансируемых из республиканского и (или) местных бюджетов", Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзiць прыкладзеную Iнструкцыю аб парадку арганiзацыi i правядзення Рэспублiканскага конкурсу "Нацыянальная музычная прэмiя ў галiне папулярнай музыкi "Лiра".
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сiлу пасля яе афiцыйнага апублiкавання.

Мiнiстр
Б.У.Святлоў

УЗГОДНЕНА                УЗГОДНЕНА
Мiнiстр фiнансаў         Старшыня праўлення
Рэспублiкi Беларусь      закрытага акцыянернага таварыства
           У.В.Амарын    "Другi нацыянальны тэлеканал"
05.09.2016                         Р.Л.Кiсель
                         22.08.2016

                                                      ЗАЦВЕРДЖАНА
                                                      Пастанова
                                                      Мiнiстэрства культуры
                                                      Рэспублiкi Беларусь
                                                      12.09.2016 N 35

IНСТРУКЦЫЯ

АБ ПАРАДКУ АРГАНIЗАЦЫI I ПРАВЯДЗЕННЯ РЭСПУБЛIКАНСКАГА КОНКУРСУ "НАЦЫЯНАЛЬНАЯ МУЗЫЧНАЯ ПРЭМIЯ Ў ГАЛIНЕ ПАПУЛЯРНАЙ МУЗЫКI "ЛIРА"


1. Дадзеная Iнструкцыя вызначае парадак арганiзацыi i правядзення Рэспублiканскага конкурсу "Нацыянальная музычная прэмiя ў галiне папулярнай музыкi "Лiра" (далей - конкурс).
2. Конкурс праводзiцца ў мэтах:
адраджэння, развiцця, папулярызацыi лепшых традыцый i дасягненняў нацыянальнага эстраднага музычнага мастацтва, далучэння да iх шырокiх слаёў грамадства;
паказу дасягненняў у галiне эстраднага музычнага мастацтва;
павышэння прафесiйнага майстэрства ўдзельнiкаў конкурсу i папулярызацыi эстраднага музычнага мастацтва;
выяўлення i падтрымкi таленавiтай моладзi, павышэння ўзроўню выканальнiцкага майстэрства.
3. Арганiзатарамi конкурсу з'яўляюцца Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, закрытае акцыянернае таварыства "Другi нацыянальны тэлеканал" (далей, калi не вызначана iншае, - арганiзатары конкурсу).
Конкурс праводзiцца адзiн раз у два гады. Канкрэтныя тэрмiны правядзення конкурсу i месца яго правядзення вызначаюцца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь па ўзгадненнi з закрытым акцыянерным таварыствам "Другi нацыянальны тэлеканал".
Анансаванне i iнфармацыйнае суправаджэнне конкурсу, стварэнне тэлевiзiйнай версii гала-канцэрта, трансляцыi конкурсу забяспечваюцца закрытым акцыянерным таварыствам "Другi нацыянальны тэлеканал".
4. Iнфармацыя аб правядзеннi конкурсу размяшчаецца ў газеце "Культура", iншых друкаваных сродках масавай iнфармацыi, на афiцыйных сайтах арганiзатараў конкурсу ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Iнтэрнэт i павiнна ўтрымлiваць звесткi аб месцы, тэрмiнах, умовах i парадку правядзення конкурсу, крытэрыях i парадку ацэнкi ўдзельнiкаў конкурсу, памерах i форме ўзнагарод, парадку i тэрмiнах абвяшчэння вынiкаў конкурсу, а таксама iншыя неабходныя звесткi.
5. Конкурс праводзiцца па наступных намiнацыях:
5.1. намiнацыi, пераможцы ў якiх вызначаюцца журы конкурсу на падставе прапаноў адборачнай камiсii з улiкам iнтэрактыўнага iнтэрнэт-галасавання гледачоў:
"Лепшы выканаўца" (жаночы вакал);
"Лепшы выканаўца" (мужчынскi вакал);
"Лепшы калектыў выканаўцаў";
"Лепшая песня на беларускай мове";
"Лепшая песня года";
"Лепшы клiп года";
5.2. намiнацыi, пераможцы ў якiх вызначаюцца журы конкурсу на падставе прапаноў адборачнай камiсii:
"Лепшы аўтар музыкi";
"Лепшы аўтар слоў";
"Лепшы аранжыроўшчык";
5.3. намiнацыi, пераможцы ў якiх вызначаюцца арганiзатарамi конкурсу на падставе прапаноў журы:
"Адкрыццё года";
"Стыль года";
"Нашы за мяжой".
6. Удзел у конкурсе могуць прымаць:
аўтары, выканаўцы, аранжыроўшчыкi, рэжысёры - фiзiчныя асобы, якiя з'яўляюцца грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь i пастаянна пражываюць у Рэспублiцы Беларусь, замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць у Рэспублiцы Беларусь;
калектывы мастацкай творчасцi, не менш за 80% складу якiх састаўляюць фiзiчныя асобы, якiя з'яўляюцца грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь i пастаянна пражываюць у Рэспублiцы Беларусь.
7. Для непасрэднага кiраўнiцтва арганiзацыяй i правядзеннем конкурсу ствараецца арганiзацыйны камiтэт, якi фармiруецца з прадстаўнiкоў дзяржаўных органаў (са згоды iх кiраўнiкоў) i зацiкаўленых арганiзацый, фiзiчных асоб, якiя прымаюць удзел у правядзеннi конкурсу. Склад арганiзацыйнага камiтэта зацвярджаецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.
8. Арганiзацыйны камiтэт:
8.1. ажыццяўляе непасрэднае кiраўнiцтва падрыхтоўкай i правядзеннем конкурсу, стварае дырэкцыю конкурсу;
8.2. разглядае i зацвярджае:
спiс удзельнiкаў конкурсу;
праграму правядзення конкурсу;
план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы i правядзеннi конкурсу;
склад адборачнай камiсii i журы конкурсу;
сiмволiку конкурсу, узоры ўзнагарод, iншую атрыбутыку;
8.3. вызначае вiды i формы iнфармацыйна-рэкламнай падтрымкi конкурсу;
8.4. вырашае iншыя пытаннi, якiя ўзнiкаюць у ходзе падрыхтоўкi i правядзення конкурсу.
9. Дырэкцыя конкурсу:
9.1. ажыццяўляе непасрэдную арганiзацыйную работу па падрыхтоўцы i правядзеннi конкурсу;
9.2. фармiруе рабочыя службы, адмiнiстрацыйныя групы для забеспячэння комплексу мерапрыемстваў па арганiзацыi конкурсу;
9.3. распрацоўвае творчую канцэпцыю арганiзацыi i правядзення гала-канцэрта;
9.4. каардынуе работу адборачнай камiсii, журы конкурсу, выконвае функцыi падлiковай камiсii;
9.5. выконвае iншыя функцыi па забеспячэннi падрыхтоўкi i правядзеннi конкурсу.
10. На конкурсе разглядаюцца песнi i вiдэаклiпы, створаныя i (або) выкананыя ўдзельнiкамi, пазначанымi ў пункце 6 дадзенай Iнструкцыi.
11. На конкурсе разглядаюцца песнi i вiдэаклiпы, рэалiзаваныя (распаўсюджаныя праз глабальную камп'ютарную сетку Iнтэрнэт, перададзеныя ў радыё- або тэлевiзiйны эфiр, выкананыя публiчна) у галiне эстраднага музычнага мастацтва ў перыяд са студзеня па снежань года правядзення конкурсу.
12. Конкурс па намiнацыях, пазначаных у падпунктах 5.1 i 5.2 пункта 5 дадзенай Iнструкцыi, праводзiцца ў тры этапы.
13. На першым этапе конкурсу закрытае акцыянернае таварыства "Другi нацыянальны тэлеканал" прадстаўляе звесткi аб рэйтынгах папулярнасцi песень i вiдэаклiпаў у сродках масавай iнфармацыi ў дырэкцыю конкурсу.
14. Адборачная камiсiя, пачынаючы з кастрычнiка года правядзення конкурсу, праводзiць манiторынг прадстаўленых у дырэкцыю конкурсу звестак аб рэйтынгах папулярнасцi песень i вiдэаклiпаў i вызначае абагульненыя рэйтынгi папулярнасцi песень i вiдэаклiпаў у сродках масавай iнфармацыi, у тым лiку ў штотыднёвых праграмах у эфiрах вядучых радыёстанцый краiны i ў эфiры праграмы "Наша ранiца" закрытага акцыянернага таварыства "Другi нацыянальны тэлеканал".
15. Абагульненыя рэйтынгi папулярнасцi песень i вiдэаклiпаў па намiнацыях, пазначаных у падпункце 5.1 пункта 5 дадзенай Iнструкцыi, з кастрычнiка года правядзення конкурсу размяшчаюцца на сайце закрытага акцыянернага таварыства "Другi нацыянальны тэлеканал" у глабальнай камп'ютарнай сетцы Iнтэрнэт для правядзення iнтэрактыўнага iнтэрнэт-галасавання гледачоў, якое праводзiцца гэтым таварыствам. Звесткi аб лiдарах iнтэрактыўнага iнтэрнэт-галасавання гледачоў па намiнацыях, пазначаных у падпункце 5.1 пункта 5 дадзенай Iнструкцыi, прадстаўляюцца закрытым акцыянерным таварыствам "Другi нацыянальны тэлеканал" у дырэкцыю конкурсу.
16. На падставе абагульненых рэйтынгаў папулярнасцi песень i вiдэаклiпаў па намiнацыях, пазначаных у падпункце 5.2 пункта 5 дадзенай Iнструкцыi, адборачная камiсiя вызначае кандыдатуры для ўдзелу ў другiм этапе конкурсу i прадстаўляе iх у дырэкцыю конкурсу.
17. Рашэннi адборачнай камiсii прымаюцца шляхам адкрытага галасавання простай большасцю галасоў i лiчацца правамоцнымi, калi на пасяджэннi прысутнiчала не менш паловы агульнага яе складу.
Рашэннi адборачнай камiсii афармляюцца пратаколамi, якiя падпiсваюцца старшынёй адборачнай камiсii i яе сакратаром.
18. На другiм этапе конкурсу фармiруецца журы конкурсу з лiку творчых работнiкаў, работнiкаў культуры, дзеячаў культуры i мастацтва, прадстаўнiкоў дзяржаўных органаў i iншых зацiкаўленых арганiзацый.
19. На падставе прапаноў адборачнай камiсii журы конкурсу шляхам адкрытага галасавання простай большасцю галасоў вызначае не менш за тры прэтэндэнты на перамогу ў намiнацыях, пазначаных у падпунктах 5.1 i 5.2 пункта 5 дадзенай Iнструкцыi. Рашэннi журы конкурсу лiчацца правамоцнымi, калi на пасяджэннi прысутнiчала не менш паловы агульнага яго складу.
20. Прапановы па прэтэндэнтах на перамогу па намiнацыях, пазначаных у падпункце 5.3 пункта 5 дадзенай Iнструкцыi, фармiруюцца журы конкурсу на падставе абагульненых рэйтынгаў папулярнасцi песень i вiдэаклiпаў па намiнацыях, пазначаных у падпунктах 5.1. i 5.2 пункта 5 дадзенай Iнструкцыi.
21. Рашэннi журы конкурсу афармляюцца пратаколамi, якiя падпiсваюцца старшынёй журы i яго сакратаром. Пры роўнай колькасцi галасоў прынятым лiчыцца рашэнне, за якое прагаласавалi старшыня журы цi ў выпадку яго адсутнасцi асоба, якая выконвае яго абавязкi.
Журы мае права вызначыць у адной намiнацыi двух пераможцаў або не вызначаць пераможцаў у той цi iншай намiнацыi конкурсу.
Члены журы на працягу правядзення конкурсу ўстрымлiваюцца ад публiчных ацэнак таго цi iншага ўдзельнiка ў сродках масавай iнфармацыi.
22. На трэцiм этапе конкурсу журы конкурсу вызначае пераможцаў у намiнацыях, пазначаных у падпунктах 5.1 i 5.2 пункта 5 дадзенай Iнструкцыi, з выкарыстаннем камп'ютарных тэхналогiй падчас гала-канцэрта.
23. Вынiкi конкурсу абвяшчаюцца ў студзенi года, наступнага за годам правядзення конкурсу на гала-канцэрце.
Кожны пераможца атрымлiвае прыз, якi з'яўляецца сiмвалам конкурсу, дыплом лаўрэата i грашовую прэмiю ў памеры 77 базавых велiчынь.
Памер грашовых прэмiй можа быць павялiчаны за кошт пазабюджэтных сродкаў.
Пры вызначэннi двух пераможцаў у адной намiнацыi конкурсу грашовая прэмiя падзяляецца на роўныя часткi памiж дадзенымi пераможцамi.
У намiнацыях "Лепшая песня года", "Лепшая песня на беларускай мове", "Лепшы клiп года" могуць узнагароджвацца аўтар музыкi, аўтар слоў, аранжыроўшчык, выканаўца i рэжысёр. Пры гэтым грашовая прэмiя дзелiцца памiж iмi на роўныя часткi.
24. Па рашэннi арганiзацыйнага камiтэта па вынiках конкурсу асобныя творчыя работнiкi, якiя ўнеслi значны ўклад у развiццё эстраднага музычнага мастацтва Рэспублiкi Беларусь, i юрыдычныя або фiзiчныя асобы, у тым лiку iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, якiя прадастаўляюць бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу i робяць ахвяраваннi на развiццё музычнага эстраднага мастацтва, могуць быць узнагароджаны прызамi.
25. Дзяржаўнымi органамi, арганiзацыямi для пераможцаў могуць быць устаноўлены iншыя ўзнагароды i заахвочваннi.
26. Фiнансаванне конкурсу ажыццяўляецца ў межах:
сродкаў, прадугледжаных у рэспублiканскiм бюджэце Мiнiстэрству культуры Рэспублiкi Беларусь на правядзенне цэнтралiзаваных культурных мерапрыемстваў;
сродкаў закрытага акцыянернага таварыства "Другi нацыянальны тэлеканал";
iншых крынiц, не забароненых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.